Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Выкарыстанне музея ў адукацыйным працэсе

Не пагарджаць святым сваім мінулым,

А заслужыць яшчэ і вартым быць яго.

У.Караткевіч

Пакой наш музейны – жывая старонка

Гісторыі продкаў, што час падарыў.

Яго называем ласкава “Скарбонка”.

А час нарджэння святар блаславіў.

Таццяна Шырко

Супрацоўніцтва музея і школы ў значнай ступені базіруецца на выкарыстанні спецыфічных магчымасцей музея, у якім навучанне і выхаванне асноўваюцца на падставе арыгінальных (рарытэтных) музейных прадметаў. Вядучым сродкам адукацыйна-выхаваўчага ўздзеяння тут выступае экспазіцыя, на базе якой праводзяцца экскурсіі – важнейшая форма работы са школьнікамі.

            Павышэнне адукаванасці навучэнцаў, пашырэнне іх кругагляду, развіццё пазнавальных інтарэсаў – гэта задачы, якія стаяць і перад школьным музеем, і перад школьным калектывам у цэлым.

            Набыццё ведаў у музеі адбываецца на падставе канкрэтных пачуццёвых уражанняў, наглядна-вобразнага мыслення. Веды, якія школьнік атрымае ў музеі, паўстаюць перад ім у апрадмечанай форме. Школьнік успрымае эстэтычныя якасці, пазнае музейнае значэнне экспаната.

            Музей з’яўляецца для дзіцяці крыніцай новых ведаў. Яго прыцягальнасць у значнай ступені абумоўлена магчымасцю знаёмства з невядомымі раней прадметамі і з’явамі. Таму заканамерна, што, ацэньваючы значэнне музея, школьнікі дастаткова часта выкарыстоўваюць словы “тут я ўбачыў упершыню…” . Здзіўленне, цікавасць, - любы водклік узнікае як рэакцыя на тое, што “можна ўбачыць толькі ў музеі”, становіцца штуршком для актывізацыі пазнавальных інтарэсаў. Магчымасць пазнання новага, магчымасць адкрыцця пабуджае яшчэ і яшчэ прыйсці ў музей.

            Музей выступае таксама крыніцай пашырэння, дапаўнення і паглыблення ведаў. Спецыфіка пазнавальнага  працэсу  ў музеі праяўляецца ў тым, што тут веды пра падзеі і з’явы падмацоўваюцца ўражаннямі аб прадметах, якія былі сведкамі тых падзей і з’яў. Данесці, паглыбіць, пацвердзіць свае веды ў музеі – гэта значыць перш за  ўсё суаднесці іх з канкрэтным прадметам.

            Надзвычай важна, што кампанентам пазнавальнага працэсу ў музеі становіцца эмоцыя. Вучні адчуваюць радасць пазнання, хваляванне ад сустрэчы з невядомым, глыбокія эмацыйныя перажыванні. Так, напрыклад, перадавала свае ўражанні ад музея наша былая вучаніца, зараз студэнтка медыцынскага ўніверсітэта, Яраховіч Марыя:  “Патрапіўшы ў музей, мне хацелася жніўную песню праспяваць, узяўшы ў рукі серп; стаць на калені з малітвай перад абразом Маткі Боскай у Чырвоным куце; прачытаць верш “Слуцкія паясы”, у думках спыніўшы позірк на вышытых ручніках; прашаптаць калыханку каля люлькі дзіцяці”. Пры вывучэнні твораў “На ростанях”, “Людзі на балоце”, “Каласы пад сярпом тваім” адчуць дух той эпохі можна, наведаўшы адпаведную экспазіцыю музея.

            Адна са спецыфічных задач музея – выхаванне гістарычнай свядомасці школьнікаў.

            Як вядома, музей здзяйсняе повязь часоў. Стрыжнем любога музея з’яўляецца гісторыя. Гэта можа быць гісторыя чалавечага грамадства, гісторыя культуры, літаратуры і мастацтва, гісторыя навукі і тэхнікі, якая адлюстравана ў дакументальных звестках мінулага. У кожнай з такіх звестак адлюстроўваецца якая-небудзь частка гісторыі.

            На нашу думку, этнаграфічны музей – адзін з самых дзейсных спосабаў выхавання патрыятызму, любві да сваёй зямлі.Характэрна, што і самі вучні высока ацэньваюць этнаграфічны музей як крыніцу пазнання прыроды, гісторыі, культуры роднага краю. “Уражанні вялізныя. Па-першае, ганарышся нашым народам, так як бачыш усё сам – яго жыццё, яго працу, па-другое, адчуваеш любоў да сваёй Радзімы”, - адзначаюць вучні. Праяўленне патрыятычных пачуццяў становіцца адным з вядучых матываў запаўнення экспазіцыйных матэрыялаў.

            Такім чынам, выкарыстанне ў музейнай прапагандзе мясцовых, этнаграфічных матэрыялаў развівае ў школьнікаў грамадзянскія пачуцці – любоў да сваёй Радзімы, гонар за працоўныя подзвігі сваіх землякоў.

            Важнай часткай выхавання школьнікаў у музеі з’яўляецца працоўнае выхаванне, павага да чалавека працы. Школьны музей мае магчымасць прапагандаваць матэрыялы, у якіх апрадмечана творчая дзейнасць чалавека ў самых розных сферах, узвялічваецца працоўны чалавек,  майстэрства і працоўныя традыцыі народа. Акрамя таго, у музеі вучні атрымоўваюць канкрэтныя ўяўленні аб змесце працы і ўмовах, у якіх здзяйсняецца працоўны працэс.

            Асноўнай, найбольш спецыфічнай формай работы школьнага музея з’яўляецца экскурсія. Змест музейных экспанатаў дазваляе праводзіць для школьнікаў разнастайныя тыпы экскурсій.

            У залежнасці ад мэтавых установак выдзяляюцца два іх тыпы:

1.    Вучэбная;

2.    Агульнаадукацыйная.

Вучэбная экскурсія грае дапаможную ролю ў адносінах да асноўнага вучэбна-выхаваўчага ўрока ў школе, з’яўляючыся метадам навучання школьніка музейнымі сродкамі. Яе галоўная  прыкмета - цесная сувязь з вучэбнай школьнай праграмай, якая вызначае тэму экскурсіі , яе змест, адбор аб’ектаў паказу. Так, пры вывучэнні нарыса У.Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”, музей прапануе выкарыстаць наступныя экскурсіі: “Стравы беларусаў”,  “Матчына хата”, “Мова матуліных ручнікоў”, “Бабулін куфар – кніга жыцця”; па паэме Якуба Коласа “Новая зямля” – “Традыцыйная культура беларусаў”; па апавяданні Змітрака Бядулі “Бондар” – экскурсія “Сляды”; па вершы Р.Барадуліна “Трэба дома бываць часцей” – экскурсія “Пяшчотныя рукі матулі і таты”; пры вывучэнні вуснай народнай творчасці “Адшукай прадметы з казак і нам казку пакажы”.

            Агульнаадукацыйныя экскурсіі рашаюць самастойныя адукацыйныя і выхаваўчыя задачы. Гэта наступныя экскурсіі: “Гаспадар”, “Пакінь добры след на зямлі, чалавек!”.

Хочацца яшчэ раз адзначыць, што ўсе задачы, якія вырашае музей, пераклікаюцца з задачамі школы і задачамі, якія ставіць перад сабой кожны з настаўнікаў школы, асабліва настаўнікі-філолагі і гісторыкі. Задачы работы музея наступныя:

·         пашыраць даследванні гістарычнай спадчыны роднага краю;

·         даць школьнікам больш шырокае ўяўленне пра быт сялянства;

·         выхоўваць асобу з гуманістычным мысленнем, з развітым, высокакультурным пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі;

·         развіваць вобразнае мысленне і творчыя здольнасці вучняў;

·         фарміраваць у дзяцей устойлівы інтарэс да гісторыі, этнаграфіі, фальклору як школьных прадметаў і да працэсу навучання ў цэлым.

            Добры музей надае школе асабістую індывідуальнасць, стварае ў калектыве настаўнікаў і навучэнцаў свой мікраклімат.

            Школьны музей актыўна ўдзельнічае ў правядзенні такіх кампаній, як падрыхтоўка да свят і юбілеяў. Ён з’яўляецца месцам правядзення разнастайных сходаў і сустрэч, прыняцця вучняў у кадэцкія класы. У рамках работы музея праводзяцца фальклорныя святы: “Масленіца”, “Каляды”, заснаваныя на традыцыях і звычаях мясцовасці.

 Для школы музей даўно стаў галоўным ідэалагічным цэнтрам, які выконвае задачу па выхаванню свядомых грамадзян. Так, музей стаў плацдармам росту для многіх нашых выпускнікоў. На нашу думку, менавіта дзейнасць навучэнцаў у якасці экскурсаводаў паспрыяла далейшаму інтэлектуальнаму росту, падштурхнула да першых жыццёвых перамог. Выпускніца школы, а таксама экскурсавод музея на працягу трох апошіх гадоў навучання,  Яраховіч Марыя стала прызёрам рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры ў 2009 навучальным годзе. Выпускнік школы, лепшы, бяссменны экскурсавод з часоў заснавання музея, Пастушэнка Герман прынёс школе перамогу ў алімпіядзе па гісторыі не толькі на раённым і абласным турах, але і стаў прызёрам рэспубліканскага туру ў 2011-2012 навучальным годзе. Акрамя таго, гэты ж вучань  стаў прызёрам раённага туру алімпіяды па беларускай мове і літаратуры ў тым жа годзе. Тады ж Пастушэнка Герман стаў лаўрэатам конкурса чытальнікаў па рускай літаратуры. Яшчэ адзін цудоўны экскурсавод нашага музея Ладуцька Міхаіл на конкурсе чытальнікаў “Гучы, роднае слова!” заняў трэцяе пачэснае месца. У тым жа навучальным годзе Ладуцька Міхаіл прынёс  школе дыплом па рускай мове і літаратуры за ўдзел ў навукова-практычнай канферэнцыі. Нам думаецца, што факты самі гавораць за сябе. За актыўны ўдзел у конкурсе этнаграфічных музеяў актыў экспазіцыі атрымаў дыплом трэцяй ступені ад кіравання адукацыі Мінабліспалкома і адзначаны ўдзячнасцю Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за ўдзел у межах рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Практыка школы пераканаўча даказала, што выкарыстанне этнаграфіі ў навучальных мэтах абвастрае ўвагу вучняў да фактаў і з’яў навакольнай рэчаіснасці, дапамагае выпрацоўцы ў іх самастойнага творчага мыслення, цвёрдых перакананняў, уменняў і навыкаў, практычнага прымянення атрыманых ведаў у жыцці. Дзякуючы рабоце музея ў вучэбна-выхаваўчы працэс уводзіцца элемент жывога сузірання. Гістарычнае мінулае становіцца для вучняў рэальнай рэчаіснасцю.

Работа ў музеі па зборы экспанатаў дапамагае вучням асэнсаваць ідэю гістарычнага развіцця, зразумець узаемасувязь мясцовага і агульнага, а ў выніку зразумець сучаснасць, выпрацаваць актыўную жыццёвую пазіцыю.

Наш школьны музей валодае рэчыўнымі помнікамі, якія дазваляюць наглядна прадэманстраваць вучням працу людзей мінулага, узнавіць яе элементы. Так, дзяўчаты старэйшых класаў спрабавалі  ткаць на кроснах, прасці кужэлю, вышываць ручнікі і сурвэткі.

Выкарыстоўваючы матэрыялы музея, вучні пішуць сачыненні, якія становяцца дакументамі незвычайнай сілы, якія нельга чытаць без хвалявання і роздуму. Вучні расказваюць пра сваіх продкаў, з гонарам пішуць пра іх заняткі, побыт, пра гісторыю узнікнення і жыцця музейных экспанатаў. Вось радкі з сачынення: “ Вельмі цікавая гісторыя куфра,які патрапіў у музей ад Котавай Вольгі Генадзьеўны. Належаў выраб бабулі настаўніцы. Яму больш 100 год,  і здзіўляе ён добрай захаванасцю. Ці думаў майстар, робячы гэты куфар, што выраб перажыве і яго, і тую, для якой быў зроблены. У кораб маладая дзяўчына ў юнацтве складвала свой  пасаг, з гэтым куфрам пасля вяселля пераехала ў хату абранніка, у ім усё жыццё захоўвала свае рэчы, нягледзячы на сучасныя шафы для адзення. Апошнія гады, калі спала на печы, ён стаяў з яе вопраткай побач”.

Школьны музей – невычэрпная крыніца для павышэння эфектыўнасці вучэбнага працэсу. Прадметы народнай творчасці ўносяць жывое сузіранне ў выкладанне такіх прадметаў, як беларуская мова, беларуская літаратура, гісторыя Беларусі.

Гістарычна-этнаграфічныя экспанаты, пададзеныя ў музеі, выкарыстоўваюцца не толькі для падачы інфармацыі на ўроках. Умела ўплеценыя педагогамі-прафесіяналамі ў канву заняткаў, яны могуць стаць эфектыўнымі на розных этапах сучаснага ўрока: для стварэння псіхолага-эмацыйнага стану, для актывізацыі мысліцельнай дзейнасці, для павышэння матывацыі вучэбнай дзейнасці.

Разумеючы, што этнаграфічны матэрыял, які прадстаўлены ў музеі, мае лакальны характар, і разам з тым, маюцца агульныя падыходы для яго эфектыўнага выкарыстання ў адукацыйнай прасторы сучаснай школы, сёння можна весці гаворку пра неабходнасць тэарытычнага абгрунтавання вучонымі і настаўнікамі-практыкамі інавацыйнай тэхналогіі краязнаўчага (этнаграфічнага) выхавання.

Мы ж са свайго боку не будзем спыняць працу на дасягнутым. У планах пашырэнне экспазіцыі музея: хочацца дадаць раздзел “Гарадская кватэра”  20-50 гг 20-ага стагоддзя, бо экспанатаў для гэтага  ўжо дастаткова. Патрэбна дапрацоўваць раздзел “Язычніцтва”, магчыма, будуць выкарыстоўвацца для гэтага творчыя работы вучняў нашай школы. Актуальнай з’яўляецца задача па стварэнню віртуальнага  музея. Цікавай таксама будзе экспазіцыя нумізматыкі, збор экспанатаў якой распачала яшчэ Таццяна Васільеўна.

                                                                                                                                                  На главную