Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Гісторыя стварэння музейнай экспазіцыі

 

Пакой наш музейны – жывая старонка

Гісторыі продкаў , што час падарыў.

Яго называем пяшчотна “Скарбонка”,

А час нараджэння святар благаславіў.

                                          Шырко Т.В.

Гісторыя стварэння музейна-этнаграфічнай экспазіцыі “Скарбонка”

Спачатку ўзнікла задума стварыць этнаграфічны музей, у якую да канца не верылася: дзе ўзяць тыя экспанаты, калі сам пасёлак нарадзіўся ў 1960 годзе на аснове будаўніцтва НДІ анкалогіі. Такім чынам, экспанаты збіралі з усёй Беларусі настаўнікі і вучні школы, бо карэннага насельніцтва, як бачым, не было.

Кожны экспанат прыходзілася выпрошваць: людзі таксама не верылі, што можа нешта атрымацца (у іх памяці жывыя яшчэ ўспаміны пра лес музея Я. Коласа, які размяшчаўся ў кабінеце, дзе займаліся дзеці, - ён ціха знік). Таму трэба было яшчэ і выпрасіць памяшканне, інакш ідэя не мела сэнсу. У 2006 годзе дырэктар школы Маркін Уладзімір Георгіевіч выдзеліў маленькі кабінет - і людзі паверылі.

Аднымі з першых адгукнуліся Грыц Кацярына Міхайлаўна і Загорская Галіна Іванаўна, настаўніцы школы, затым прывезла экспанаты з вёскі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Карпіленка Ніна Сямёнаўна. Яна знайшла шмат бытавых прадметаў. Потым даставіў на машыне рэчы, якія належылі яго бабулі, хірург райбальніцы Шахаў Дзмітрый Уладзіміравіч, пазней сваёй спадчынай падзялілася Чарнышова Ядзвіга Іосіфаўна. А вось Рыбкін Аляксандр, вучань 10 класа, выпрасіў у бацькоў нават старую ікону, якая належыла яго бабулі. Жыбулёў Дзяніс купіў у суседа ношаныя лапці. Дзевяцікласніца Слаута Кацярына падарыла прыгожыя ручнікі, тканыя рукамі бабулі...

Летам 2006 года настаўнік Дударэнка Віталій Васільевіч пачаў маляваць панараму на сцяне з выявамі духаў, аб якіх ведалі нашы продкі і чые паважалі правы: гаспадара Лесавіка і яго памочнікаў (Гаёвіка і Лешага), Вадзянога з Русалкам, Кладоўніка з гномамі. Шэлест Валерый Макаравіч, таксама настаўнік школы, паралельна рабіў у майстэрні печку, сталы, лавы, зэдлік, паліцы і нарэшце ў студзені 2007 года выразаў язычніцкага ідала для панарамы. Дамавога рабіла арганізатар Буйніцкая Таццяна Васільеўна з дзецьмі старэйшых класаў. Адзенне: камбінезон і кашулю свайго ўнука-падарыла дамавіку Цішку Тарасенка Тамара Фёдараўна (сённяшняя пенсіянерка). А вось вопратку ляльцы Алесі сшыла Шалейнікава Святлана Мікалаеўна.

30 студзеня 2007 года адбылася прэзентацыя музея, але першыя пробныя экскурсіі кіраўнік музея Шырко Таццяна Васільеўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, наладзіла яшчэ ў кастрычніку 2006 года. Першыя экскурсіі праводзіла сама настаўніца.

Да прэзентацыі музея былі падрыхтаваны экскурсаводы, вучні 9 "Г" класа, Занімонец Максім, Касаван Дар'я, Кананчук Вольга, Краўцова Вольга.

Восенню 2009 года музею ўжо 3 гады. За гэты час музей значна папоўніўся цікавымі экспанатамі.

Дырэктар Маркін У. Г. падарыў музею зробленую рукамі яго бацькі драўляную тумбачку. Захапляе высокім майстэрствам этажэрка для кніг- дар музею Котавай Вольгі Генадзьеўны. Здзіўляе сплецены з лазы куфар сваей добрай захаванасцю, бо яму больш чым 100 гадоў. Належыў выраб бабулі настаўніцы школы Котавай В. Г. У яго вельмі цікавая гісторыя.

Ці думаў майстар, робячы гэты куфар, што выраб перажыве і яго, і тую, для якой быў зроблены. У кораб маладая дзяўчына ў юнацтве складвала свой пасаг, з гэтым куфрам пасля вяселля пераехала ў хату абранніка, у ім усё жыццё захоўвала свае рэчы, нягледзячы на сучасныя шафы для адзення. Апошнія гады, калі спала на печы, ён стаяў з яе вопраткай побач.

Як бачым, кожны з экспанатаў мае сваю адметную і цікавую гісторыю.

Механічнае трапло для апрацоўкі лёну, падарунак настаўніцы Грыц К. М., многія наведвальнікі бачаць упершыню.

Пакой мае сваю кнігу водгукаў, вокладка якой аздоблена выявамі з экспазіцыі пакоя; аформлена папка актаў прыёму экспанатаў на пастаяннае захаванне.

Калі першы год музейны пакой налічваў каля 80 экспанатаў, то ў кастрычніку 2008 г. зарэгістравана ў актах прыёму на пастаяннае захаванне 194 экспанаты. Але ж пакой пастаянна папаўняецца новымі рэчамі. Вырабы, сабраныя ў пачатку 2009 г., будуць рэгістравацца ў кнізе актаў толькі летам, у час канікулаў, іх налічваецца прыкладна 30-40.

Ткацкі станок з'явіўся ў нас нядаўна. Ён дзейнічае, толькі не набыты ніткі і кроены не прыведзены ў належны стан. У пакоі не хапае месца, каб прадставіць іх комплексна.

Два невялікія куфры напоўнены тканымі і вышыванымі рэчамі: ручнікамі, абрусамі, посцілкамі, ёсць некалькі жаночых вышываных блузак і мужчынскіх кашуль і інш. А вось строяў нацыянальных экскурсаводы не маюць, таму экскурсіі праводзяцца ў вопратцы дзелавога стылю.

Экскурсаводы амаль не мяняюцца. У канцы 2007 года склалася трывалая група з 6 чалавек (4 юнакі: Пастушэнка Герман, Іванчык Максім, Ладуцька Міхаіл, Трасцянка Сяргей; дзве дзяўчыны: Касаван Даша і Бянькоўская Вольга.

За гэтыя гады праведзена шмат экскурсій не толькі для вучняў і настаўнікаў школы, але і для шматлікіх гасцей, пачынаючы з маладых спецыялістаў і дырэктараў Мінскага раёна і канчаючы слухачамі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і прадстаўнікамі іншых краін свету, аб чым сведчаць некаторыя запісы ў "Кнізе водгукаў".

Дырэктар "S0S-Дзіцячай вёскі" падарыў вялікага дзівоснага Лесавіка, выразанага з цэльнага дрэва.

А дамавік Цішка мае сапраўдны драўляны абутак (чаравікі), які па памеры падышоў усім, хто яго прымерыў на сваю нагу.

Акрамя экскурсій, у музеі праводзяцца тэматычныя ўрокі. Наш музейны пакой прадстаўлены трыма раздзеламі: на панараме паказаны часы язычніцтва, там жа квітнеючая папараць-кветка і капішча з ідалам. Чырвоны куток—сімвал хрысціянства, пад ім—драўляныя сталы і шырокія лавы, на якіх можна спаць; на сцяне, каля іконы, развешаны ручнікі. Таксама быт беларусаў прадстаўлены рэчамі 19—20 ст.

Важнае месца ў кампазіцыі займае печ, але цэнтральнае ў пакоі адведзена ўсё ж такі дзіцячай люльцы.

Кожны экспанат пранумараваны і мае шыльдачку.

На главную