Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Галоўная

New

Дзяржаўная ўстанова адукацыі  “Бараўлянская сярэдняя школа”

 

 

 

Апісанне вопыту педагагічнай дзейнасці “Самарэалізацыя асобы вучня на вучэбных занятках беларускай мовы праз выкарыстанне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення ”

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дзядкова Людміла Іванаўна,

настаўнік беларускай мовы

і літаратуры

+375445412171

e-mail: bor-sch@minsk.edu.by


1. Інфармацыйны раздзел абагульнення вопыту

1.1. Актуальнасць праблемы

Навучанне ў сучаснай школе выходзіць за межы традыцыйных арганізацыйных рамак і структур. Гэта патрабуе ад настаўніка высокай педагагічнай культуры і прафесіяналізму.

Мяне як настаўніка беларускай мовы і літаратуры хвалюе якасць ведаў маіх вучняў, узровень іх падрыхтаванасці. Пачынаючы кожны ўрок, я думаю, як зрабіць, каб тыя веды, якія прапаноўваюцца на ўроку, сталі набыткам вучняў, як лепш іх падрыхтаваць да жыцця. Я, як настаўнік,працую на такога выпускніка, які будзе запатрабаваны грамадствам, здольны да самарэалізацыі, паспяховы, дзейсны ў сучасным шматпраблемным свеце. Я ўпэўнена, што тэхналогія развіцця крытычнага мыслення накіравана на працэс фарміравання такой неабходнай якасці асобы, як уменне крытычна думаць, самастойна вырашаць надзённыя праблемы, фарміраваць высокаразвітую асобу з творчымі здольнасцямі, інтэлектам.

Агульнапедагагічнае і практычнае значэнне дадзенай праблемы стала асновай для выбару тэмы.

1.2. Умовы ўзнікнення і станаўлення вопыту

Галоўнай задачай у сваёй працы лічу, каб вучні ўмелі атрымліваць і засвойваць інфармацыю, карыстацца ведамі, вучыцца тварыць і супрацоўнічаць. Вучэбныя заняткі беларускай мовы выконваюць матывацыйную, інфармацыйную ,сістэматызуючую, ацэначную, камунікатыўную функцыі. Поспех у выкладанні прадмета, глыбокія якасныя веды ў вучняў будуць тады, калі настаўнік думае, шукае, разважае, супастаўляе.

Існуе шмат розных поглядаў на сутнасць дзейнасці настаўніка. Адны параўноўваюць яго з дырыжорам, які кіруе аркестрам, другія – з садоўнікам, які пяшчотна даглядае за сваёй раслінай. Але галоўнае і тыя, і другія маюць магчымасць убачыць і ацаніць канчатковы прадукт сваёй працы, а ў настаўніка часта такой магчымасці не бывае. Але я заўсёды адчуваю вялікую адказнасць за тых, каго навучаю і выхоўваю. Па маіх шматлікіх назіраннях, вучні, якіх я бяру ў пятым класе і вяду да адзінаццатага, маюць свой пункт погляду, умеюць тварыць,рэалізаваць свае намеры і магчымасці. Таму прыемна чуць ад бацькоў, што мае выпускнікі падрыхтаваны да самастойнага жыцця, дзе яны будуць сапраўднымі творцамі.

1.3. Мэта і задачы вопыту

Мэта вопыту: стварэнне умоў для развіцця пазнавальных матываў вучняў і павышэння якасці ведаў пры вывучэнні беларускай мовы праз выкарыстанне розных прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення.

Задачы:

1. Вызначыць тэарэтычныя асновы прымянення тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо на уроках беларускай мовы.

2. Апісаць прыёмы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, скіраваныя на развіццё вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў і іх самарэалізацыі.

3. Даказаць эфектыўнасць уласнай педагагічнай сістэмы, арыентаванай на фарміраванне самастойнай дзейнасці вучняў пры вывучэнні беларускай мовы

2. Апісанне тэхналогіі вопыту

2.1. Вядучая ідэя і дыяпазон вопыту

Вядучая ідэя вопыту: тэхналогія развіцця крытычнага мыслення накіравана на забеспячэнне развіцця ў вучняў крытычнага асэнсавання з дапамогай інтэрактыўнага ўключэння ў адукацыйны працэс, выпрацоўкі ў іх умення суб’ектыўнага бачання, аргументаванага меркавання, прыняцця незалежных прадуманых рашэнняў.

Працую над тэмай “Самарэалізацыя асобы вучня на вучэбных занятках беларускай мовы праз выкарыстанне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення ” з 2014 года.

2.2. Тэарэтычная база вопыту

У аснову вопыту пакладзены метады, якія скіраваны не толькі на перадачу вучэбнай інфармацыі, колькі на арганізацыю навучання, саманавучання, самавыражэння, самаразвіцця кожнай асобы.

На вучэбных заняткаў беларускай мовы я актыўна звяртаюся да метадаў і прыёмаў тэхналогіі крытычнага мыслення і выкарыстоўваю іх на розных этапах заняткаў. У структуры вучэбных заняткаў (у тэхналогіі крытычнага мыслення) вылучаюць тры стадыі: выклік, асэнсаванне, рэфлексія.

На першай стадыі – выклік – вучні атрымліваюць заданне, у час выканання якога яны адзначаюць, што ім вядома або што думаюць пра пэўнае паняцце, падзею, з’яву. Мая роля, як настаўніка, заключаецца ў тым, каб стаць правадніком для вучняў, прымушаючы іх разважаць. Атрыманыя вучнямі веды супастаўляюцца ўжо з вядомымі па дадзенай тэме.

На стадыі асэнсавання вучні працуюць з вучэбным матэрыялам (часцей – самастойна): падручнікам, тэкстам, іншай інфармацыяй, якую я прапаную. Загадзя вучням ставяцца пытанні або паведамляецца аб тых заданнях, якія яны будуць выконваць пасля знаёмства і аналізу прапанаванага матэрыялу.

У працэсе параўнання з існуючым аналагам кожны вучань асэнсоўвае, дабудоўвае свой першасны прадукт, пры гэтым адбываецца актывізацыя і развіццё пазнавальных здольнасцей вучня, “прырост” яго ведаў, вопыту, значыць, павышаецца ўнутраная матывацыя.

На стадыі рэфлексіі вучні выпрацоўваюць уласнае стаўленне да вывучанага матэрыялу, аналізуюць працэс набыцця новых ведаў. Выражаючы новую інфармацыю сваімі словамі, вучні імкнуцца больш трывала запамінаць і прымаць яе.

Дзякуючы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, вучань становіцца не пасіўным творцам на вучэбных занятках, а актыўным.

2.3. Апісанне сутнасці вопыту

За час працы ў школе я выкарыстоўвала ўсё новае, што прапаноўвалі метадычныя часопісы. Спачатку гэта былі апорныя канспекты па беларускай мове. Потым спынілася на нестандартных формах урока: урок-падарожжа, урок-семінар, урок-лекцыя і г.д. Колькі працую ў школе, столькі шукаю спосабы зрабіць вучэбныя заняткі цікавымі, дапамагчы вучню стаць суб’ектам узаемадзеяння з настаўнікам.

Ці існуе ўніверсальная тэхналогія? На якой з іх спыніць выбар? На мой погляд, універсальнай тэхналогіі няма. Я лічу, што ўвесь курс мовы нельга пабудаваць на прынцыпах адной адукацыйнай тэхналогіі. Таму ў сваёй практычнай дзейнасці выкарыстоўваю прадуктыўныя педагагічныя тэхналогіі і іх элементы, разнастайныя метады і прыёмы, каб вучням хацелася ведаць мову, а вынікі іх працы радавалі. Думаю, што ў педагагічнай дзейнасці настаўнік павінен карыстацца элементамі розных тэхналогій, не цурацца класічных формаў урока. Таму што адна тэхналогія развівае вуснае маўленне, выхоўвае, але мала ўвагі надае пісьму, другая развівае ўменне працаваць у групе, але можа развучыць чытаць творы. Я лічу, што любая форма вучэбных заняткаў прынясе плён, калі адпавядае ўзроўню класа, з’яўляецца цікавай і захапляльнай.

Сутнасць  майго вопыту складаецца з навучання, развіцця і выхавання вучняў сродкамі беларускай мовы, заснаванага на пошуку аптымальнага спалучэння метадаў і прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення і зарыентаванага не толькі на дасягненне вучнямі патрабаванняў навучальнай праграмы, але і на асобаснае развіццё і самарэалізацыю.

Як заўважае І.В.Муштавінская, “крытычнае мысленне – гэта пункт апоры для мыслення чалавека, яго натуральны спосаб узаемадзеяння з ідэямі і інфармацыяй, пры сутыкненні з якімі вучні павінны ўмець разглядаць іх удумліва, крытычна, бачыць розныя пункты гледжання, рабіць высновы”.

[5, с. 38]Такім чынам, крытычнае мысленне – гэта мысленне, якое ўтрымлівае крытыку, здольнае да крытыкі.

Апошнія гады перавагу аддаю тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення. З самой назвы гэтай тэхналогіі вынікае, што яна ўяўляе сабой працэс фарміравання якасці асобы, як уменне крытычна думаць, крэатыўна, творча вырашаць надзённыя праблемы. Слова “крытычнае” тут трэба разумець не як развіццё ў вучняў негатыўнага меркавання пра што-небудзь, а, наадварот, гэта станоўчы, разумны і ўсвядомлены падыход да пэўнай жыццёвай сітуацыі. Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення накіравана на рашэнне актуальнай праблемы павышэння якасці навучання ва ўмовах вялікай колькасці інфармацыі.

Мае вучні ў працэсе прымянення на вучэбных занятках тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення:

- умеюць працаваць з пастаянна абнаўляючым патокам інфармацыі;

- выпрацоўваюць уласнае меркаванне на аснове асэнсавання вопыту, ідэй і прадстаўленняў;

- выказваюць свае думкі (вусна і пісьмова) ясна, упэўнена і карэктна ў адносінах да акружаючых;

- самастойна займаюцца сваім навучаннем, бяруць на сябе адказнасць; 

Я спачатку выкарыстоўвала толькі асобныя элементы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення на звычайных вучэбных занятках камбінаванага тыпу. Пазней ужо перайшла да выкарыстання структуры заняткаў па гэтай сістэме, якая складаецца з трох этапаў (выклік, асэнсаванне, рэфлексія).

Зазначу, што неабавязкова рэалізоўваць адразу ўсе названыя этапы. Так, напрыклад, адзін, звычайна першы, урок можа быць поўнасцю выклікам, а другі – асэнсаваннем і г.д. Тое ж самае можна сказаць і аб прыёмах, якімі будзе дасягацца пэўная мэта.

На стадыі выкліку я стараюся актуалізаваць веды вучняў, якія яны маюць, абудзіць пазнавальны інтарэс і аказаць вучню дапамогу ў самавызначэнні напрамку вывучэння новай тэмы. Трэба адзначыць, што інфармацыя на першай стадыі ўспрымаецца, запісваецца, абмяркоўваецца. Дзейнасць вучняў арганізуецца індывідуальна, у парах, у групах. Пры гэтым важна не крытыкаваць адказы вучняў, нават калі яны недакладныя або няправільныя. Прысутнасць этапу выкліку з’яўляецца абавязковай на кожных вучэбных занятках па гэтай тэхналогіі. На першым этапе тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення я выкарыстоўваю наступныя прыёмы: тэлеграма, правільныя і няправільныя сцвярджэнні, табліца “Ведаю – Хачу ведаць – Даведаўся”, “Дрэва ведаў”, “Карэктар”. (Дадатак 1)

На этапе выкліку прымяняю таксама прыём прагназавання. Дэманстрацыя звычайнай дыдактычнай табліцы з’яўляецца ўдалым аб’ектам для фарміравання матывацыі да вучэбнай дзейнасці. Перш чым пазнаёміць васьмікласнікаў з правіламі, напрыклад, адасаблення прыдаткаў, я прапаную класу прачытаць апорныя сказы, змешчаныя ў табліцы, і паспрабаваць растлумачыць правілы адасаблення без дапамогі падручніка.

На этапе асэнсавання вучні працуюць з вучэбным матэрыялам, падручнікам, тэкстам іншай інфармацыі, якую прапануе настаўнік. Загадзя вучням ставяцца пытанні або паведамляецца аб гэтых заданнях, якія яны павінны будуць выканаць пасля знаёмства і аналізу прапанаванага матэрыялу. Галоўная задача стадыі асэнсавання – падтрымаць актыўнасць і цікавасць, створаныя падчас стадыі выкліку. На этапе асэнсавання я выкарыстоўваю прыём “інсерт” і прыём “кластар”. Прыём “інсерт” дапамагае мне арганізаваць самастойную работу вучняў з крыніцай інфармацыі. Чытаючы матэрыял падручніка, на палях алоўкам вучань робіць умоўныя абазначэнні: вядомая інфармацыя памячаецца знакам “+”, новая – знакам “!”, незразумелая – “?”, спрэчная “–“. Пасля індывідуальнай перапрацоўкі тэарэтычнага матэрыялу паміж вучнямі ў парах зменнага саставу ідзе абмен інфармацыяй, адбываецца дадатковае ўдакладненне. А таксама магчыма запаўненне табліцы “В – Х – Д”. Вывучаючы тэму “Дапаўненне, граматычнае значэнне, роля ў сказе, спосабы яго выражэння ” ў 8 класе, прапаную вучням прачытаць тэарэтычны матэрыял, зрабіць паметкі:

  • я ведаю(+);
  • я даведаўся(!);
  • у чым сумняваюся(?); (Дадатак 2)

Кожны вучань працуе з тэарэтычным матэрыялам індывідуальна, потым ідзе абмен інфармацыяй у парах, у групах.

На маю думку, дапамагае вучням свабодна і адкрыта думаць па любой тэме на этапе асэнсавання і прыём “кластар”. Кластар – гэта графічная форма адлюстравання вывучаемага ці вывучанага матэрыялу, з дапамогай якой можна лёгка і эфектыўна паказаць сэнсавыя межы пэўнай інфармацыі. Са складаннем кластара вучні лёгка спраўляюцца. Асабліва не ўзнікае праблем, калі настаўнік хоць адзін раз пакажа ход сваіх разважанняў і высноў на дошцы ў форме графічнай апорнай табліцы: спачатку ў цэнтры запісваецца галоўнае слова-паняцце; затым ад яго ў розныя бакі адыходзяць стрэлкі-прамяні з фіксацыяй іншых тэрмінаў, ад якіх у сваю чаргу стрэлкі могуць адгаліноўвацца і далей. Выгляд элементаў кластара можа быць розным: у форме кружкоў, квадратаў, ромбаў. Прыём “кластар” патрабуе ад школьнікаў вызначаць толькі тыя структурныя элементы інфармацыі, якія даюць мажлівасць сістэматызаваць веды па вывучанай тэме ўрока. Пры вывучэнні тэмы “Акалічнасць, граматычнае значэнне,роля ў сказе, спосабы выражэння” васьмікласнікам я прапанавала скласці кластар.

Апошнім этапам тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, на якім вучні сістэматызуюць новую інфармацыю ў адносінах да ўжо вядомай, з’яўляецца рэфлексія. На гэтым этапе аб’яднанне індывідуальнай і групавой работы з’яўляецца найбольш мэтазгодным. Пры вывучэнні тэмы “Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Аднасастаўныя сказы” ” ў 8 класе прапаную выканаць тэсты: 5-6 вучням за камп’ютарам, а астатнім ― са слайда на экране (Дадатак 3).На этапе рэфлексіі вучні суадносяць “новую” і “старую” інфармацыю, выкарыстоўваючы адзін з прыёмаў: вяртанне да правільных і няправільных сцвярджэнняў, запаўненне апошняй калонкі табліцы “В – Х – Д”, выкананне тэстаў, складанне сінквейна. Найбольш эфектыўнай формай арганізацыі рэфлексіі, на мой погляд, з’яўляецца складанне сінквейна. Пры вывучэнні тэмы “Роля беларускай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры” ў 8 класе прапаную скласці сінквейн са словам мова. Сінквейн – гэта верш з пяці радкоў, які звычайна пішацца па наступных правілах:

1. На першым радку запісваецца адным словам тэма (назоўнік).

2. На другім – апісанне тэмы двума словамі-прыметнікамі.

3. На трэцім радку запісваюцца дзеянні трыма дзеясловамі.

4. Чацвёрты радок – гэта фраза з чатырох слоў.

5. Апошні радок – сінонім з аднаго слова, які паўтарае сутнасць тэмы. (Дадатак 4)

Выкарыстанне сінквейна на вучэбных занятках стварае спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі асобы вучня, развівае яго пазнавальныя здольнасці, крэатыўнасць мыслення.

На стадыі рэфлексіі можна выкарыстоўваць прыём “Ацэначнае акно”. Напрыклад, у 8 класе па тэме “Прыдатак як разнавіднасць азначэння” прапаную ацаніць сваю працу на ўроку, зрабіўшы пэўны выбар.

  • Добра зразумеў(ла). Магу прымяніць.
  • Зусім не зразумеў(ла). Не змагу прымяніць.

На маю думку, тэхналогія развіцця крытычнага мыслення матывуе вучняў актыўна ўключацца ў адукацыйны працэс, павышае якасць навучання. Яна садзейнічае эфектыўнай рабоце вучня з тэкстам, у працэсе якой пададзены тэарэтычны матэрыял лёгка асэнсоўваецца, затым становіцца ўласным вопытам падлетка. Зыходзячы з гэтага, у выніку ў яго фарміруецца ўжо ўласнае аналітычнае разважанне, погляд.

Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення патрабуе нязначны час на падрыхтоўку заняткаў, эканомная па абсталяванні, накіравана на эфектыўную работу вучняў.

 Прыход у сярэднюю школу,  як вядома, супадае з пачаткам «пераходнага» ўзросту ў дзяцей: яны становяцца малодшымі падлеткамі . Таму нельга забываць,што вучні, якія перайшлі   ў 5 клас, павінны адаптоўвацца да новых умоў дзейнасці: да індывідуальнага стылю выкладання настаўнікаў, да хутчэйшага тэмпу працы, да правіл выканання новых заданняў і г.д.;

Таму за гады працы ў школе я выпрацавала свой індывідуальны метад “Кулачок”, які пачынаю ўжо прымяняць у пятым класе пры вывучэнні тэм “Члены сказа”, “Галосныя гукі”, “Двайное значэнне літар е,ё ,ю,я і”, “Стылі мовы”. Як вывучыш галоўныя і даданыя члены сказа ў 5 класе, так і будзеш працаваць па гэтых тэмах у наступных класах. Для метаду “Кулачок” я бяру правую руку і размяркоўваю члены сказа наступным чынам: вялікі палец ― дзейнік, паказальны ― выказнік,  сярэдні ― дапаўненне, безназоўны ― азначэнне, мезенец ― акалічнасць. Вывучэнне членаў сказа адбываецца па ланцужку: граматычная аснова сказа ―  вялікі і паказальны пальцы, пры вывучэнні дапаўнення ўключаецца сярэдні палец і г.д. Вучні, гледзячы на сваю правую руку, беспамылкова называюць усе члены сказа, умеюць ахарактарызаваць любы член сказа, правільна і граматна ставіць пытанні ад граматычнай асновы сказа да даданых членаў.  Калі галоўныя і даданыя члены сказа вывучаны, вучні гавораць, што гэта тэма паспяхова засвоена, дзякуючы метаду “Кулачок”.

Пры  вывучэнні тэмы “Двайное значэнне літаре,ё ,ю,я і ” ў вучняў узнікаюць цяжкасці. Хоць і з гэтай тэмай я працую два вучэбныя заняткі, праходзіць час,  і вучні забываюць,  у якіх пазіцыях літары  е,ё ,ю,я іабазначаюць два гукі. Дзякуючы метаду “Кулачок”, у вучняў застаюцца трывалыя веды па гэтай тэме. Зноў уключаю ў працу  правую руку і зрокава паказваю, якую пазіцыю абазначае кожны палец пры вывучэнні тэмы “Двайное значэнне літар е,ё ,ю,я і” : вялікі палец―у пачатку слова, паказальны―пасля галосных, сярэдні―пасля мяккага знака, безназоўны―пасля апостафа, мезенец―пасля ў.

Калі працуеш з фанетычным разборам слова, вучні, абапіраючыся на метад “Кулачок”, адразу правільна робяць размежаванне паміж літарамі і гукамі. 

Мой індывідуальны метад дапамагае вучням засвойваць матэрыял як зрокава, так і лагічна, і паслядоўна. (Дадатак 5)

2.4. Выніковасць і эфектыўнасць вопыту

Вопыт дазваляе сцвярджаць: ён актуальны, запатрабаваны настаўнікамі, вучнямі і садзейнічае павышэнню якасці навучання, развіццю асобы з крытычным мысленнем, уменнем свядома авалодваць ведамі. Вучні з задавальненнем удзельнічаюць у творчых, інтэлектуальных конкурсах, алімпіядах рознага ўзроўню. Сярод іх ёсць пераможцы школьнай, раённай і ўдзельнікі абласной алімпіяды. Дзякуючы выкарыстанню тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, фарміруецца асоба з творчымі здольнасцямі, інтэлектам, вопытам. Асоба свабодная, крэатыўная, дзейнасць якой матывуецца самавыхаваннем, самавызначэннем, самарэалізацыяй. Мая праца настаўнікам-моваведам дае плён.

У ДУА “Бараўлянская АСШ” працую з 1991 года. Першы выпуск як настаўніка беларускай мовы і літаратуры быў у 1994 годзе ў хіміка-біялагічным класе, дзе залаты і сярэбраны медаль атрымалі 13 вучняў.

• Балабановіч Алена (выпуск 1996 года), Міронаў Максім (выпуск 2001 года) прымалі ўдзел у абласной алімпіядзе.

• Многія мае вучні сталі студэнтамі філалагічнага факультэта, а Высоцкая Юлія і Токарава Паліна – студэнткамі факультэта журналістыкі.

• 2010 г. — навуковая праца Данілевіча А. і Мяхедкі І. атрымала падзяку на раённай навукова-практычнай канферэнцыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.

• 2010 г. — удзел у раённым конкурсе чытальнікаў. Скакун В., Зайчанка К., Данілевіч А. (8 «В» клас). ІІ месца ў намінацыі «Проза».

• 2011 г. — Пратасеня А. (7 «А» клас). ІІІ месца ў Мінскім раёне ў абласной дыстанцыйнай алімпіядзе па беларускай мове.

• 2014 г. — Козел Л. (11 «А» клас). IV месца ў раённым конкурсе «Гучы, матчына мова».

• 2014 г. — Каліноўская А. (6 «Д» клас). ІІ месца у Мінскім раёне ў конкурсе «Буслік-2014».

• 2014 г. — Богдан Н. (10 «А» клас). І месца у Мінскім раёне ў конкурсе творчых работ.

• 2015 г. — Козел Л. (11 «А» клас). Дыплом ІІ ступені на раённым конкурсе чытачоў.

• 2015 г. — Козел Л. (11 «А» клас). Дыплом за лепшае выступленне на Рэспубліканскім конкурсе чытальнікаў «Не гасне памяці свечка...», прысвечанаму 70-годдзю Вялікай Перамогі.

• 2016 г. – Цімошына А. (11 «А»). І месца у Мінскім раёне ў конкурсе творчых работ (сачыненне) «Шчасце жыць у міры».

• 2016 г. – Каліноўская А. (7 «Д»). ІІІ месца ў Мінскім раёне ў абласной дыстанцыйнай алімпіядзе па беларускай мове.

• 2016 г. – Цімошына А. (11 «А»). І месца у Мінскім раёне ў конкурсе «Буслік-2016».

3. Заключэнне

Усе гэтыя гады, якія я працую настаўнікам-моваведам, застаюцца гадамі пошуку: як зацікавіць вучняў сваім прадметам, навучыць атрымліваць трывалыя веды, быць людзьмі творчымі, інтэлектуальнымі, камунікабельнымі, неабыякавымі да чужой бяды. А для гэтага патрэбна:

- стымуляваць зацікаўленасць вучняў навучальным працэсам;

- развіваць у вучняў крытычнае мысленне, уменне аргументаваць;

- ствараць умовы для развіцця асобы ініцыятыўнай, адказнай, самастойнай;

3.1.Перспектывы развіцця вопыту

1. Папаўненне метадычнай капілкі педагагічнымі знаходкамі;

2. Трансляцыя ўласнага педагагічнага вопыту ў сістэму метадычнай работы школы і раёна.

 

 

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій на ўроках беларускай мовы і літаратуры / В.У. Бухавец [і інш.]; пад агул. рэд. С.І. Цыбульскай. – Мн.: Сэр-Віт, 2006.

2. Пахвалёная, А.К. Павышэнне якасці адукацыі з дапамогай сучасных педагагічных тэхналогій / А.К. Пахвалёная // Беларуская мова і літаратура. – 2010. – № 5. – С. 40.

3. Новые педагогические технологии в образовании / под ред. Е.С. Полат. – М.: Академия, 2000.

4. Змир-Бек, С.И. Развитие критического мышления на уроке: пособие для учителя / С.И. Змир-Бек, И.В. Муштавинская. – М.: Просвещение, 2004.

5. Муштавинская, И.В. Технология развития критического мышления: научно-методическое осмысление / И.В.Муштавинская // Методист. – 2002- №2. С.30 – 38.

6. Жуковіч, М.В. Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры / М.В. Жуковіч. – Мн., 2007.

 

 

Дадаткі

Дадатак 1

Тэма: Галосныя і зычныя гукі(карэкцыя ведаў)

Мэты:

-паўтарыць і замацаваць вучэбны матэрыял на практыцы;

-развіваць арфаграфічную і пунктуацыйную пільнасць;

-фарміраваць навыкі валодання вусным і пісьмовым маўленнем;

-выхоўваць патрыятычныя пачуцці.

Тып урока:урок замацавання ведаў

Абсталяванне: падручнік, карткі з рознаўзроўневымі заданнямі, мультымедыйны праектар, музычны дыск.

Ход урока

I.Арганізацыйны этап

1.Стымуляванне эмацыянальных адносін

Настаўнік вітаецца з класам, зачытвае аб’яву

Аб’ява

Сення, 6лютага 2015 года, у 9.50 у кабінеце 311 Бараўлянскай сярэдняй школы, праходзіць сустрэча вучняў 5”А” класа з настаўнікамі Мінскага раёна.

Мы рады вас вітаць у сценах нашай школы!

-Зараз, увага на дошку! Вызначце тэму нашага ўрока (Галосныя – чырвоны колер, зычныя – зялёна-сіні).

- Вучні абвяшчаюць тэму ўрока.

- Адкрываем сшыткі, запісваем дату і тэму ўрока.

II.Матывацыйны этап

2.Абвяшчэнне тэмы ўрока, мэтавызначэнне.

- Абапіраючыся на запіс на дошцы, давайце разам з вамі паставім мэты на ўрок (мэтавызначэнне з дапамогай апорных слоў).

-паўтарыць…

-развіваць…

-фарміраваць…

-выхоўваць…

Настаўнік дапаўняе (канкрэтызуе) адказы вучняў.

III.Праверка дамашняга задання

- Якія заданні вам былі дамоў?

Падрыхтаваць пазнавальныя вусныя выказванні пра галосныя і зычныя гукі (выступаюць 2 вучні).

- Настаўнік агучвае адзнакі

Усе астатнія вучні здадуць свае выступленні ў канцы ўрока і аб выніках даведаюцца на наступным уроку.

IV. Актуалізацыя ведаў.

1.Індывідуальная работа (4 вучні)

А ці ёсць сёння жадаючыя папрацаваць індывідуальна (на камп’ютары)?

Заданні:

1. Колькі гукаў у слове “яна”? (4)

2. У беларускім алфавіце 32 ці 33 літары? (32)

3. Колькі санорных гукаў у беларускай мове? (11)

4. Якіх дзвюх літар няма ў рускім алфавіце ў параўнанні з беларускім? (і,ў)

5. Апостраф. Гэта надрадковы знак ці літара? (Надрадковы знак)

6. Што пішацца ў беларускай мове замест “ъ”? (Апостраф)

7. Назавіце шыпячыя гукі? (ж, ш, дж, ч)

8. Рэчка-рачны. Гэта аканне ці яканне? (аканне)

9. Колькі галосных гукаў у беларускай мове: 6 ці 8? (6)

10. Акрамя асноўнага, які яшчэ існуе націск? (пабочны націск)

- Настаўнік агучвае адзнакі.

2.Праверка тэарэтычных ведаў

Увага на дошку!

Апытанне з дапамогай “Дрэва ведаў”.

На лісточках у форме лістоў, з якіх складаецца “дрэва ведаў”, напісаны пытанні, на якія трэба адказаць. Ёсць сярод лісточкаў і сюрпрыз – гэта лісток без пытання, але з балам-падарункам, які прыбаўляецца да адказу вучня за ўрок. Па 3 вучні выходзяць да дошкі, выбіраюць сабе любы лісток, чытаюць услых пытанне і адказваюць. Калі адказу вучань не ведае ці адказ быў дадзены няпоўна, няправільна, другі вучань можа адказаць і атрымаць бал.

Пытанні:

1. Колькі санорных гукаў у беларускай мове? (11)

2. Якімі двума спосабамі абазначаецца мяккасць зычных на пісьме? (прывесці прыклады)

3. Назваць зацвярдзелыя гукі? (прывесці прыклады)

4. Прыгадаць з’яву аглушэнне. (прывесці прыклады)

5. Пытанне-сюрпрыз (падарунак). +1 бал

6. У якім становішчы літары е, ё, ю, я, і абазначаюць два гукі?

7. Прыгадаць з’яву азванчэнне. (прывесці прыклады)

- Вы добра адказваеце вусна, а зараз паглядзім, як вы можаце прымяніць веды практычна.

V. Паўтарэнне і замацаванне атрымaных ведаў

Звярніце ўвагу на слайд, сфармулюйце заданне да гэтага слайда.

1. Арфаграфічная хвілінка (прыём ”Карэктар”) – праца ў парах

Барадзбіт, патрыот, грамадзяні, Радіма, лідэр, гірой, девіз, кадеты, бязхітрасны, семнаццаць.

Узаемаправерка (праца ў парах). Ключ (на слайдзе).

Барацьбіт, патрыёт,грамадзяне, Радзіма, лідар, даследчык, дэвіз, кадэты, бясхітрасны, сямнаццаць.

- Устаньце, калі ласка, хто не зрабіў ніводнай памылкі, у каго – адна, дзве.

- Малайцы!

VI. Фізкультхвілінка (музычная паўза)

Гучыць музыка

- Заплюшчым вочы, слухаем таемныя гукі музыкі. Хто хоча, можа зрабіць гімнастыку для вачэй, падзяліўшы квадрат на шэсць малых квадратаў. У верхнім квадраце буслік. Ён паляцеў: уніз, управа, уніз, управа, уверх, улева, уверх, управа. Дзе буслік?

2. Работа з тэкстам (на картках)

- Выканаем самастойна заданне на картках.

- Настаўнік выразна чытае тэкст, вучні самастойна чытаюць тэкст.

- Зараз работа па тэксту.

1. Даць загаловак тэксту.

2. Вызначыць тэму.

3. Агучыць асноўную думку тэксту.

4. Вызначыць тып тэксту.

- За якія рысы характару паважаюць беларусаў ва ўсім свеце?

- Пачынаем працаваць з тэкстам, дзе вы павінны ўставіць прапушчаныя арфаграмы і знакі прыпынку.

- Увага!Сінім колерам пазначаны арфаграмы, а рыскай падкрэслены знакі прыпынку.

- Уставіць і растлумачыць правапіс арфаграм і пастаноўку знакаў прыпынку.

А…шукаць нашу малую радзіму лё…ка. Трэба толькі выйсці на вуліцу. Усё навокал_гэта твая радзіма. Гэта невялікае месца на плане…е Зямля, да якога мы прывязаны каранямі.

У класе вісіц… карта …еларусі. У гэтай краіне жыве слаўны наро… - беларусы. Твая малая радзіма – часцінка Беларусі. ”Я – беларус?”– спытае…ся ты. Настаўніца адкажа:“Так, беларус. Беларусь – твая краіна. Тут нарадзіліся твае мама і тата, твае дзядулі і бабулі. Гэта яны будавалі дамы і пала…ы _ вырошчвалі хлеб _ абаранялі зямлю ад ворагаў”.

У Беларусі жыве шмат іншых народаў. Галоўнае, каб усім было тут утульна_ гасцінна. Галоўнае – любіць зямлю. Яна нам як маці.

Мы-беларусы

Адшукаць нашу малую радзіму лёгка. Трэба толькі выйсці на вуліцу. Усё навокал –гэта твая радзіма. Гэта невялікае месца на планеце Зямля, да якога мы прывязаны каранямі.

У класе вісіць карта Беларусі. У гэтай краіне жыве слаўны народ – беларусы. Твая малая радзіма – часцінка Беларусі. “Я – беларус?” – спытаешся ты. Настаўніца адкажа: “Так, беларус. Беларусь – твая краіна. Тут нарадзіліся твае мама і тата, твае дзядулі і бабулі. Гэта яны будавалі дамы і палацы, вырошчвалі хлеб,абаранялі зямлю ад ворагаў”.

У Беларусі жыве шмат іншых народаў. Галоўнае, каб усім было тут утульна,гасцінна. Галоўнае – любіць зямлю. Яна нам як маці.

- Растлумачце, калі ласка, прапушчаныя арфаграфічныя і пунктуацыйныя памылкі.

- Малайцы! Вялікі дзякуй!

3. Пісьмо па памяці (праца ў групах)

- Дзеці, зараз хачу прапанаваць праслухаць песню.

- Ці пазналі вы словы гэтай песні?

- Як называецца гэты твор? (“Радзіма мая дарагая”)

- Хто аўтар слоў? (А.Бачыла)

- Мы ўспаміналі гэты верш, калі вывучалі раздзел у беларускай літаратуры “Мой чароўны беларускі край”

- Прапаную вам, запісаць гэты верш па памяці, але будзем выконваць гэта заданне ў групах.

- У кожнага на парце ляжаць карткі з заданнямі.

- Выконвайце заданне, якія суадносяцца з геаметрычнай фігурай, прыклеенай на парце.

- Заданні выконваем у сшытках.

- Правільны варыянт

1 група: уставіць прапушчаныя словы ў першай страфе

Радзіма мая … ,

Ты ў шчасці … жыві.

Я … табе прысягаю

У … сыноўняй любві.

Вызначыць, колькі ў слове дарагая літар і гукаў

2 група:дапісаць трэцюю страфу

Я радасць сваю не стрымаю –

І песня ўзлятае сама:

-Падкрэсліць словы, у якіх ёсць санорныя гукі

3 група:запісаць другую страфу верша

Растлумачыць знакі прыпынку ўдругой страфе

-Прадстаўнікі ад групы зачытваюць правільны варыянт.

Правільны варыянт:

Радзіма мая дарагая,

Ты ў шчасці жаданым жыві.

Я сэрцам табе прысягаю

У шчырай сыноўняй любві.

 

На рэках, азёрах і нівах,

Заводах, будоўлях – наўсцяж

Народ наш працуе руплівы,

І край узвышаецца наш.

Я радасць сваю не стрымаю –

І песня ўзлятае сама:

Мне лепей ад роднага краю

Нічога на свеце няма.

- Гэта ўвесь верш? (не)

- Ці можа ёсць жадаючыя працягнуць верш? (вучні па адной страфе працягваюць верш)

4. Гульня “Адгадайка”(на слайдзе)

Устанавіць і запісаць слова, абапіраючыся на характарыстыку гукаў і падказкі.

-Я называю характарыстыку гукаў і раблю падказку. (слова складаецца з сямі літар, але ў слове 6 гукаў)

1-ы гук: зычнызацвярдзелы , санорны (спецыфічны для беларускай мовы);

2-і гук: галосны ненаціскны (часта ўжываецца ў беларускай мове);

3-і гук: зычны мяккі, звонкі, свісцячы (спецыфічны для беларускай мовы);

4-ы гук: галосны націскны;

5-ы гук: зычны цвёрды, санорны (з гэтага гука пачынаецца першае слова ў жыцці амаль кожнага чалавека);

6-ы гук: такі, як і 2-і.

Адказ:Радзіма

-Назвaць значныя падзеі для беларускага народа ў 2014 годзе? (70 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, чэмпіянат свету па хакеі)

Узгадайце словы, звязаныя з агучанымі падзеямі ў Беларусі?

- Я падрыхтавала вам тэст, у якім сустрэнуцца словы на вывучаныя арфаграмы

VII. Кантрольны этап

Выкананне тэстаў (на картках)

А1. Адзначыць словы, у якіх на месцы пропуску трэба пісаць літару э:

1. майст…р

2. вет…ран

3. р…спубліка

4. ц…рымонія

5. р…корд

А2. Адзначыць правільна напісаныя словы:

1. авіацыя

2. змагаешся

3. спадчына

4. вучысся

5. молаць

А3. Адзначыць слова, у якім колькасць гукаў і літар супадае:

1. воіны

2. чэмпіянат

3. каманда

4. патэнцыял

5. алімпіяда

Ключ (на слайдзе)

А1. 2, 3, 5

А2. 2, 3

А3. 3

- Устаньце, калі ласка, хто не зрабіў ніводнай памылкі, у каго – адна, дзве.

- Якія вы ў мяне малайчынкі! Мне з вамі падабаецца працаваць!

VIII.Вынік урока. Выстаўленне і каменціраванне адзнак.

- Усе за ўрок атрымаюць адзнакі, калі я праверу вашы карткі, а пакуль адзнакі атрымалі …

IX.Дамашняе заданне

- Звярніце ўвагу на слайд.

Напісаць з заданняў класнай работы словы, у якіх дапусцілі памылкі, і зрабіць работу над памылкамі.

Скласці слоўнікавы дыктант з 10-12 слоў на з’яву аглушэнне і азванчэнне зычных.

Скласці 2 тэсты (па 5 слоў)на правапіс галосных е, я.

X.Рэфлексія.

Увага на дошку!

Перад намі ўжо вядомае “Дрэва ведаў”, на парце ў кожнага з вас ляжаць два лісточкі (зялёнага, жоўтага колеру)

Зялены лісток – я задаволены ўрокам, урок быў карысны для мяне.

Жоўты лісток – у мяне засталіся пытанні па тэме ўрока.

Вучні прыклеіваюць свае лісточкі на “Дрэва ведаў”

Да пабачэння! Вялікі дзякуй, вам, за ўрок!

Дадатак 2

Пры вывучэнні тэмы “Дапаўненне, граматычнае значэнне, роля ў сказе, спосабы яго выражэння ” у 8 класе:

II. Стадыя асэнсавання.

- Прачытайце §24, с.106, зрабіце паметкі:

+ (я гэта ведаю); ! (я даведаўся новае); ? (пра што хачу даведацца больш)

  • Унясіце свае дадзеныя ў табліцу “В-Х-Д”

+ Ведаю ? Хачу ведаць ! Даведаўся

  • Запішыце новую інфармацыю ў кластар. Работа ў групах.

1-ая група. Спосабы выражэння прамых дапаўненняў.

2-ая група. Спосабы выражэння ўскосных дапаўненняў.

Прэзентацыя групавой работы.

Дадатак 3

Пры вывучэнні тэмы “Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Аднасастаўныя сказы” ” ў 8 класепрапаную выканаць тэсты: 5-6 вучням за камп’ютарам, а астатнім ― са слайда на экране.

VII. Рэфлексія

1. Індывідуальная работа (5-6 вучняў) за камп’ютарам. Адзін тэст – 2 балы, усяго 10 балаў за выкананне заданняў.

А1. Адзначыць аднасастаўныя сказы з галоўным членам выказнікам:

1. пэўна-асабовыя;

2. назыўныя;

3. абагульнена-асабовыя;

4. няпэўна-асабовыя;

5. безасабовыя;

А2. Адзначыць простыя аднасастаўныя сказы:

1. Люблю цябе, мой Нёман родны…

2. Птушку пазнаюць па палёце.

3. Духмяная цішыня густа наплывае з-за вербалозаў на раку.

4. Вада ў гэтым месцы хлынула на дарогу, размыла пясок.

5. Сябруем са смехам і песняй крылатай.

А3. Адзначыць простыя назыўныя сказы:

1. Наступіла зіма.

2. Чэрвень. Росы і цішыня.

3. Вось апошняя станцыя.

4. Пусты небасхіл.

5. У вёсцы спяваюць.

А4. Адзначыць аднасастаўныя сказы з галоўным членам выказнікам:

1. Светлы дзень.

2. Зорак з неба не хапаюць.

3. Вечарам марозіць.

4. Вечарэе.

5. Якое хараство!

А5. Адзначыць простыя безасабовыя сказы:

1. У лесе заўсёды мне хораша думаецца.

2. Па-над вескамі і сёламі свеціць сонейка вясёлае.

3. Ціха было ў лесе.

4. Ад дабра дабра не шукаюць.

5. К поўдню пацяплела.

Адказы:

А1. 1,3,4,5 

А2. 1,2,5

А3. 2,3,4

А4. 2,3,4

А5. 1,3,5

2. Устанавіць адпаведнасць паміж сказам і іх відам. Адказ запісаць у выглядзе літар і лічбаў.

В1

А. Багацце лесу.

Б. Сінейце, васількі, на радасць жыту і людзям.

В. Баравікі былі пахучымі, мясістымі.

Г. Варанае больш прыносіць карысці, чым печанае.

1. Двухсастаўны, развіты.

2. Двухсастаўны, неразвіты.

3. Назыўны, развіты.

4. Безасабовы.

5. Пэўна-асабовы.

 

В2

А. Многае ў прыродзе гаварыла пра надыход вясны.

Б. З поля прыбралі багаты ўраджай, сеялі жыта.

В. Настрой рабіўся дзіўным, жыццярадасным.

Г. Кнігі сяброўкі.

1. Двухсастаўны, развіты.

2. Двухсастаўны, неразвіты.

3. Назыўны, развіты.

4. Безасабовы.

5. Няпэўна-асабовы.

 

В3

А. Вершы Цёткі.

Б. Мора станавілася спакойным, ласкавым

В. Рэшатам вады не наносіш.

Г. Мокрае на сонцы хутка высахла.

1. Двухсастаўны, развіты.

2. Двухсастаўны, неразвіты.

3. Назыўны, развіты.

4. Безасабовы.

5. Абагульнена-асабовы.

 

Ключ (на слайдзе экрана):

В1:

А

3

Б

5

В

2

Г

1

В2:

А

1

Б

5

В

2

Г

3

В3:

 

А

3

Б

2

В

5

Г

1

 

Дадатак 4

Пры вывучэнні тэмы “Роля беларускай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры” ў 8 класе прапаную скласці сінквейн са словам мова

Мова

Родная, цудоўная

Вучыць, развівае, выхоўвае

Мова – гэта сродак зносін

Скарб

 

Дадатак 5

Кулачок” (кластар) па тэме “Двайное значэнне літар е,ё,ю,я,і” (5 клас)

Кулачок”(кластар) па тэме “Члены сказа” (5 клас)